Асілкі
Даўно-даўно, калі яшчэ людзі жылі па лясах дрымучых, прыйшлі ў цяперашнюю Утужыцкую абшчыну асілкі і занялі два месцы: адно на рэчцы Вараусе ў Заборышчах, а другое — на Іванісе пры той жа самай рэчцы. У тых месцах тады ніякага народу не было, месцы былі вольныя па ўсёй Жанвіль-Утужыцкай старане. У лясах вадзіліся ўсякія звяры: мядзведзі, ваўкі, ласі, кабаны, лісіцы ды рысі, а па рэках і азёрах жылі выдры; рыбы хоць апалонікам чэрпай.
Асілкі тыя былі людзі здаравенныя, росту ў касы сажэнь, у плячах — аршыны з два, а голас мелі, як звон немалы, бывала, калі крыкне каторы на ўвесь голас ды свісне, дык якое б дзерава ні было вялікае, а зваліцца. Вось якія былі яны людзі, тыя асілкі. I жонкі іхнія былі па іх: вялікага росту, дужыя і раджалі кожны раз па двое, па трое дзяцей.
Гаспадаркі яны ніякай не трымалі, не было ў іх ні худобы, ні скацінкі свойскай, ні прыпасу, ні запасу. Ні хлеба, ні лёну не сеялі. Карміліся тым, што лавілі па лясах звяроў ды ў водах — рыбу. Адзенне сабе яны шылі са звярыных шкур. Вось так і жылі. Пра бога зусім не дбалі. Ніхто ніколі не чуў нават ад старых, каб мелі дзе-небудзь царкву альбо папа.
Крыху пажыўшы на рацэ Вараусе, асілкі вельмі ўпадабалі Жанвіль-Утужыцкую старану. Вось і задумалі яны тут пасяліцца і пачалі адразу будаваць два гарадзішчы — Забыркі і Іваніху. Гарадзішчы гэтыя і цяпер захаваліся на рацэ Вараусе, вось хоць ідзі і паглядзі.
Інструменту ў іх амаль ніякага не было. Кажуць, што была на ўсіх адна сякера, ды і тая не жалезная. Але хоць асілкі і не мелі інструменту, а гарадзішчы ўсё ж будавалі. Меўшы ўсяго адну сякеру, асілкі перакідвалі яе з гарадзішча на гарадзішча, бо не хацелі траціць часу на пераход. Крыкне, бывала, асілак з аднаго гарадзішча ў другое — сякеру давай, а другі возьме сякеру дый кіне яму. Такая была ў іх сілішча, за тое і называліся яны асілкамі. Гэта яшчэ нішто — сякеру перакінуць вярсты за тры,— а то, бывала, трэба на будынак бярвенне, дык пойдзе каторы ў лес, вырве дрэва з карэннем ды так і валачэ на гарадзішча, а то камень прыйдзецца прыставіць, дык ён возьме яго дый шыбане за вярсту ці больш, проста на гарадзішча. Некаторыя кідалі такія вялізныя каменні, што былі ў паўсажня велічынёю, але не заўсёды гэтакія каменні даляталі да гарадзішча. А то ёсць мясціны, што зусім закіданыя каменнем. Дзяды казалі — тут асілкі адзін супроць аднаго ваявалі... Яны і звяроў забівалі каменнямі, ад таго каменні і ляжаць аж да сягоння па лесе. А далей гаварылі старыя, што асілкі пайшлі адсюль, як толькі перавяліся ў лясах звяры і паменшала ў вадзе рыбы. З таго часу і гарадзішчы іхнія запусцелі, бо пасля іх не скора прыйшлі сюды нашы дзяды, якія абралі сабе лепшыя мясціны, каб сеяць жыта і скаціну разводзіць.
Перуноў Мост
...У той час нельга было ў нас без моста абысціся. Вунь там, дзе цяпер у канаву ваду сабралі, была гіблая дрыгва, ні ўвесну, ні ўвосень, як кажуць, ні прайсці ні праехаць. А выхад на стары, як тады яго называлі, Кацярынінскі тракт з гэтага боку самы кароткі, інакш рабі крук вёрст на дзесяць. Вось і выслалі бярвёнамі, засыпалі пяском грэблю, частка якой і цяпер яшчэ прыкметная.
А над самым багністым месцам пабудавалі сапраўдны на палях мост. Гаварылі, нават не адзін, а тры масты засаб. Калісьці тут праходзіла бойкая дарога з Мінска, Пухавіч і да пераправы цераз Бярэзіну. Старыя казалі, што ў войны па ёй не адзін раз рухалася войска, праходзілі абозы...
Ды быццам бы першы мост цераз дрыгву пабудаваў тут ці то немец, ці то француз, па прозвішчы Пюры. З цягам часу ягонае прозвішча, якое так добра дадалося да моста, і перайначылі тутэйшыя жыхары на свой лад — Пярун. А ўжо ад моста і вёску (з яе, дарэчы, заўсёды прызначаўся даглядчык моста і грэблі) назвалі Перуноў Мост...
* * *
...Гіблай была дрыгва, яна аддзяляла некалькі вёсак ад мястэчка і тракту. Абрыдла кожны раз кладкі насцілаць, і парашылі людзі збудаваць цераз балаціну мост. Узяліся ўсёй талакой і зрабілі справу — навялі мост. Толькі прастаяў нядоўга, усяго з месяц, бо аднойчы ноччу, у навальніцу, раптам загарэўся ад маланкі. Праз год на тым месцы збудавалі другі мост. Ды толькі з ім здарылася тое ж самае — падпаліў пярун. Але ж вельмі была патрэбна тут дарога, і на наступнае лета цераз дрыгву навялі трэці мост. На ім пярун і скончыў выпрабоўваць цярпенне людское — больш не падпальваў. Вось той мост і празвалі Перуновым, а ад яго і вёска атрымала сваё імя...
Заклятая магіла волата
У ваколіцах Полацка, расказвалі, у даўнія часы бесперапынна ішлі войны. I засталося паданне, што частка нейкага разбітага войска, баючыся, каб яго нарабаванае багацце не трапіла ў рукі непрыяцеля, золата і серабро, якое мела пры сабе, закапала ў зямлю на ўзгорку, а наверх паклалі дзікі камень.
Ён павінен быў паказваць тое месца, калі б хто-кольвек з іх вярнуўся, каб адшукаць схаваныя скарбы. Але прайшлі сотні гадоў, а камень ляжаў на тым самым месцы, а пад ім некранутыя скарбы.
Слухаючы такія размовы, колькі полацкіх хлопцаў дамовіліся пайсці ноччу на той узгорак, здабыць скарбы і падзяліць між сабой пароўну. Тады, калі ўсе спалі, узяўшы патрэбнае прыладдзе, выйшлі за горад.
Ноч была пагодная, неба ўсеяна зоркамі, а поўны месяц свяціў у вышыні. Ішлі ціха і асцярожна, каб іх ніхто не спаткаў на дарозе. Мінулі касцёл святога Ксаверыя, дзе спачываюць прахі манахаў і тутэйшых людзей, чулі, як адгукаліся галасы вартаўнікоў у Спасе, звярнулі з дарогі і пайшлі ўсцяж ракі аж да патрэбнага месца.
Узышлі на ўзгорак, знайшлі той дзікі камень. Палова яго была ў зямлі, а верхняя частка пакрытая сухім мохам. Акапалі яго кругом, супольна вынялі з таго месца і глыбока ў зямлю ўваткнулі жалезную рапіру. I тады вострым канцом яна ўпёрлася нібы ў нейкую бляху. Тут напэўна скарб — і пачалі раскопваць зямлю.
Працавалі доўга, часта пробавалі рапірай,— скарб ляжаў неглыбока, але колькі ні капалі, зямля ізноў асыпалася з усіх бакоў і напаўняла яму. Нейкі час стаялі ў здзіўленні, ім здалося, што скарб закляты, засыпаецца пяском і не хоча дацца ім у рукі.
Калі параіліся між сабою, што рабіць далей, на ўсходзе з'явілася чорная хмара, якая закрыла ўсё неба, і месяц схаваўся ў густых аблоках. Зрабілася так цёмна, што яны ледзь бачылі адзін аднаго, і пайшоў ціхі дожджык.
— Работа лепей пойдзе, калі пясок крыху намокне,— сказаў адзін з іх.— А болей не трацьма дарэмна часу.
Падбадзёрваючы сябе, дружна пачалі ізноў капаць і выкапалі цяпер такую доўгую і шырокую яму, якая ўжо лёгка не магла засыпацца.
Рыдлёўкі слізганулі па жалезу.
— Кацёл, кацёл з грашамі! — радасна закрычалі яны.
Толькі калі акапалі вакол і хацелі падняць з зямлі, убачылі, што гэта быў важкі жалезны панцыр; пакрываў ён грудзі шкілета, у якога пры боку ляжаў меч, а на чэрапе быў жалезны шышак. Сталі яны ў здзіўленні і глядзелі, як недарэчна падманула іх надзея.
Тады адзін смялейшы кажа:
— Пакінем гэты шкілет, а зброю возьмем сабе, няхай застанецца яна хоць памяткай аб нашай начной працы.
Толькі яны намерыліся так зрабіць, як раптам бліскавіца асвяціла ўзгорак, і бачаць: стаіць агромністы асілак у жалезным панцыры і трымае востры меч над іх галовамі.
Трывога праняла іх сэрцы, грымоты ўзрушылі зямлю, і асілак прамовіў:
— Нікчэмныя! Золату і серабру прадалі ўсе пачуцці вашы, толькі ў багацце ўклалі свае надзеі, не ўшанавалі прах волата, які з годнасцю скончыў тут жыццё...
Загрымела ў аблоках, і асілак знік з іх вачэй...
Пры святле бліскавіцы ізноў убачылі перад сабой засыпаную пяском яму, і падалося ім, што на тым месцы зямля някранута была...
