Чортавы камяні

Курганы, камяні, гарадзiшча, прырода...

Чортавы камяні

Сообщение Demetr » 16 июл 2010, 15:12

ЛЯЎКОЎ Э.А., КАРАБАНАЎ А.К., ДУЧЫЦ Л.У., ЗАЙКОЎСКІ Э.М., ВІНАКУРАЎ В.Ф.
ЧОРТАВЫ КАМЯНІ

Крыніца: ЛЯЎКОЎ Э.А., КАРАБАНАЎ А.К., ДУЧЫЦ Л.У., ЗАЙКОЎСКІ Э.М., ВІНАКУРАЎ В.Ф. ЧОРТАВЫ КАМЯНІ / Гістарычна-археалагічны зборнік №11, Мн., 1997. С. 151 - 156

У беларусаў, як і ў літоўцаў і латышоў, чорт часта з ’яўляецца адным з галоўных персанажаў паданняў і казак. Ён заўжды выступае як непрывабная асоба з хвастом, казлінымі рагамі і капытамі, прысутнічае на кожным вяселлі і спрабуе не дапусціць выезду маладых у царкву. Да чортава роду адносяцца таксама д ’яблы , вадзянікі і лясуны. Па беларускіх павер ’ях усе гэтыя істоты народжаны ад шлюбу чорта з ведзьмай (Васілевіч , 1994. С . 82 — 100). З чортам звязаны таксама назвы многіх культавых валуноў і паданні пра іх. Вядомыя назвы Чортаў Камень, Чортаў Ступень або Чортаў След. Ёсць назвы Чортава Печ, Чортава Дарога, Чортава Лапа, Чортавы Жорны, Чортава Грэбля і інш. Бывае, што назва Чортаў Камень, ці да яго падобная, дубліруецца іншымі назвамі накшталт Божы Камень, Кравец, Вялікі Камень. Так, камень Чортава Печ каля в. Васевічы Пастаўскага раёна вядомы і пад назвай Волат, а камень Чортаў Ступень каля в. Дзераўной на Лагойшчыне называюць яшчэ і Следам Багародзіцы. Звесткі пра Чортавы Камяні сустракаюцца ў старажытных пісьмовых крыніцах. Напрыклад, у Літоўскай Метрыцы пад 1582 годам паблізу в. Тарасава на захад ад Мінска згадваецца Чортаў Камень, на якім ёсць знакі (БА , 1930. С . 22). У канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. шмат такіх звестак трапіла ў этнаграфічную літаратуру (Мялешка, 1928. С. 155 — 182). Многія Чортавы Камяні былі выяўлены ў апошнія гады (Ляўкоў, 1992). На сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі налічваецца каля 30 Чортавых Камянёў. У асноўным яны знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай, Гродзенскай і паўночнай часткі Мінскай вобласцей. Амаль усе Чортавы Камяні маюць даволі вялікія памеры, неапрацаваную паверхню і, часцей за ўсё, знаходзяцца ў глухіх балоцістых мясцінах, але сустракаюцца і пры дарогах. Яшчэ да нядаўняга часу каля некаторых Чортавых Камянёў збіраліся на Купалле. У народзе такія камяні авеяны паданнямі і павер ’ямі. Часта пра адзін і той жа камень бытуе некалькі паданняў. Найбольш распаўсюджаны паданні, згодна якім чорт нёс камень і хацеў заваліць дзверы храма, але праспяваў певень і чорт выпусціў камень. Такія, і да яго падобныя паданні, можна пачуць у Старым Пагосце Мёрскага раёна, на берагах Нарачы, у в. Ратынцы Валожынскага Вялец Глыбоцкага, Танелева Мінскага, Асташын Карэліцкага раёнаў. Так, у в. Вялічкі на камені сядзеў чорт і шыў боты. Ноччу чуваць быў стук малатка. Балота, якое знаходзілася побач з гэтым каменем, называюць Чортава Лазня. У Ратынцах кажуць, што калі на камень пакласці ірваныя боты, то раніцай яны ўжо адрамантаваныя. У гэтых ботах можна хадзіць на танцы, але, калі пайсці ў касцёл, то яны адразу ж развальваюцца. Пра Варонінскі камень наогул распавядаюць шмат паданняў. Па аднаму з іх жыхары прыносілі тканіну, клалі на камень яе і побач грошы (пятакі ). Праз ноч, нават без меркі, вопратка была гатовая. Але аднойчы нейкая жанчына прынесла сукно, паклала на камень і сказала: “Пашый мне ні тое, ні сеё ”. Чорт адзін рукаў ушыў у плячо, а другі ззаду і пасля таго наогул кінуў шыць. Захавалася нібыта толькі месца, дзе ён звычайна сядзеў. Кажуць, што яшчэ нядаўна на камені былі бачныя адбіткі нажніц і кравецкіх прыладаў, але потым валун парос мохам. Згодна другому паданню, кравец шыў адзенне на Вялікдзень і за гэта акамянеў. Цікавае паданне запісана В. Ластоўскім у пачатку нашага стагоддзя ў в. Стары Пагост Мёрскага раёна. Згодна яму ”... Камень –Кравец хадзіў па свеце. Недзе ў якімсьці горадзе будавалі царкву і што людзі за дзень навозяць, то чорт за ноч перакідае на другі бераг. Калі даведаўся аб гэтым прайдоху -чорце кравец, то перакінуўся з камення ў волата і пайшоў на тое месца, дзе чорт бузаваў. І вось што чорт перакіне праз раку камень, то ён яму назад кіне два камяні. Чорт колькі ні стараўся, не мог асіліць краўца і нарэшце здаўся. Ад гэтай гульні сабралася там, дзе патрэбна, гэтулькі камення, што з яго і пабудавалі царкву (В -т , 1923. С . 46 — 47; Крывіч, 1926. С. 46 — 48). Пра Чортаву Грэблю на Нарачы расказваюць, што яна будавалася чортам, які хацеў злучыць мостам дзве вёскі, што ляжалі на розных берагах, але праспяваў певень і чорт не паспеў выканаць працу. Чортавым Мастом (Чортавым Перавозам або Д ’ябальскім Мастом ) завуць награмаджэнне камянёў у раце Віліі каля в. Данюшава (Halicki, 1934. S. 78 — 80). У в. Танелева ў паданні замест чорта фігуруюць нячыстыя духі . Гаворыцца , што камень калісьці ляжаў ва ўрочышчы Навінкі. Потым духі аднеслі яго на разбураны маёнтак, Але не паспелі вярнуць на месца, як заспяваў певень, і таму вымушаны былі кінуць камень з вялікай вышыні, ад чаго ён раскалоўся на тры часткі. Шматлікія паданні, згодна якім каля каменя ноччу збіраюцца чэрці, таньчаць або гуляюць у карты (Лынтупы і Палессе Пастаўскага раёна, Вялец Глыбоцкага раёна ). Так, у в. Вялец кажуць, што чорт таньчыў на камені і ад яго пятак засталіся дзіркі, а ў в. Палессе гвораць, што на камені сядзелі чэрці ў абліччы мужчын і гулялі ў карты. Цікавасць ўяўляе Чортаў Камень, які ранней ляжаў каля в. Лапухова Слонімскага раёна, ва ўрочышчы Груд. Гэта ўзвышанае месца, абнесенае вакол ірвом. На вяршыні былі насыпы з вялікімі камянямі. Навакол распасціралася “Пеннае балота ”, абкружанае ланцугом з вялікіх камянёў, сярод якіх было два выхады . Мяркуецца, што Груд з ’яўляўся паганскім свяцілішчам . Тутэйшы Чортаў Камень меў значную велічыню. На ім маглі сесці 6 чалавек. На гэтым валуне захавалася мноства слядкоў (дзіцячай нагі, авечкі і інш.). Вядома паданне, што на камені збіраліся і таньчылі чэрці. Раней вакол Чортава Каменя штогод адбывалася святкаванне Купалля. Пры меліярацыі камень знік і выгляд урочышча змяніўся (Зайкоўскі , 1987. С. 21 — 22). Вылучаецца сюжет паданняў, калі чэрці здзекваліся з прахожых (Вароніна Сенненскага, Раманішкі Пастаўскага, Горкі Шумілінскага, Мачулішчы Крупскага, Булавішкі Браслаўскага, Наўгароды Мёрскага раёнаў і інш.). Так, у Вароніне расказваюць яшчэ і сёння, што каля валуна і побач у багне жылі чэрці. Ад гэтага багна і завецца Чортавым Месцам. Каля дарогі да 1919 года стаяла карчма, у якую хадзілі жыхары трох бліжэйшых вёсак. Каля ганку чэрці падпільноўвалі позніх наведвальнікаў і потым вадзілі іх па балоце. Раніцай селянін прачынаўся распрануты сярод балота на камені, а побач пасвіўся выпражаны конь. У Раманішках пра Чортаў Камень распавядаюць, што калісьці вяртаўся адзін музыка з вяселля. Падышоў ён да прыдарожнага каменя і ўбачыў на ім чорта. Чорт прымусіў музыку іграць на гармоніку і скакаць усю ноч. Як заспявалі ў Лынтупах пеўні, чорт знік, а знясілены музыка ледзьве дабраўся дахаты. Пра камень у Горках Шумілінскага раёна кажуць, што ён уводзіў людзей у зман. Калі людзі ішлі ў адно месца, то, прайшоўшы камень, пачыналі блукаць і траплялі зусім у іншае. Вядома шмат паданняў пра камяні з назвамі Чортаў След. Напрыклад, у Булавішках –Якубянцах Браслаўскага раёна пра камень існуе паданне, што раней ён ляжаў каля балота і быў мяккі. Аднойчы з балота выбраўся чорт, накінуўся на чалавека, што праходзіў побач і пачаў над ім здзеквацца. У час сваркі чорт наступіў на камень і пакінуў на ім след. Пасля таго камень зацвярдзеў. Да гэтай жа групы камянёў адносіцца і камень са следам д ’ябла-абжоры каля в. Расальшчына Іўеўскага раёна. Згодна паданню, д ’ябал след пакінуў тады, калі прарок Ілля гнаў яго з зямлі. На камені каля в. Сянежычы Навагрудскага раёна ёсць два паглыбленні, якія нагадваюць сляды чалавечых ног. Меншае паглыбленне лічыцца следам Маці Боскай, а большы — Следам Чорта, які гнаўся за ёй. Характэрна, што больш след знаходзіцца з левага боку. У міфалогіі з левымі альбо ніжнімі
палюсамі бінарных апазіцыяў звязваюцца адмоўныя, хтанічныя персанажы (семантычны рад: левы — нізкі — крывы — халодны — вільготны —чорны — крыўда ). Даволі частыя сюжэты паданняў, дзе на камені з ’яўляюцца агеньчыкі ці кострышчы без дыму, або каля каменя чуваць гукі званочкаў. Нібыта людзі бачаць агеньчыкі на камянях каля в. Палессе і Пятруці Пастаўскага раёна, Багданава Браслаўскага раёна. Існуе і яшчэ шэраг цікавых паданняў — пад каменем зарыты скарбы, якія ахоўваюць чэрці; камяні — гэта жорны, на якіх чорт меле муку, і інш. Шматлікія паданні вядомыя пра Чортаў Камень, што ляжаў каля крыніцы, з якой выцякае р. Вільня , адзін з левых прытокаў р. Віліі (паблізу в. Кемяны Ашмянскага раёна ). Пры раскопках на беразе лагчыны, з якой выцякае крыніца, Э.М. Зайкоўскім выяўлена ляпная штрыхаваная і “аблітая ” кераміка, іншыя знаходкі сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н.э. Верагодна, што там у гэты час існавала свяцілішча. Па звестках археолага Ю. Уртанса, у Латвіі каля 65% камянёў - слядавікоў так ці інакш звязваюцца з чортам (Уртанс , 1988. С. 102). У Беларусі ж сярод валуноў са “слядамі ” колькасць Чортавых Слядкоў нязначная. Але усе беларускія назвы камянёў, звязаныя з Чортам, і паданні пра іх, адпавядаюць літоўскім (Matulis, 1990; Tarasenka, 1958) і латышскім (Уртанс, 1988. С . 92 — 106; Urtans, 1990) назвам і паданням. Літоўскі даследчык міфалогіі Н. Велюс, прааналізаваўшы значны фальклорны матэрыял пра вяльняса (чорта ), прыйшоў да высновы, што ў паганскія часы гэты персанаж з ’яўляўся божышчам, апекуном мёртвых і жывёлы, звязаным са жрацамі і музыкамі, з лесам, звярамі, земляробствам і адыгрываў важную ролю ў сферы эротыкі. У іншых індаеўрапейскіх міфалогіях вяльнясу адпавядаюць славянскі Велес (Волас ), германскі Одзін і яго крэўны брат Локі, старажытнаіндыйскі бог справядлівасці і пакаральнік вінаватых Варуна, кельцкі бог багацця, дастатку, жывёлы Езус, старажытна - грэчаскі ўладар мёртвых Аід і пасярэднік паміж тым і гэтым светам Гярмес, бог жывёлы, палёў і лясоў Пан і інш. (Velius, І 987. P. 281 — 287). Такім чынам, Чортавы Камяні вядомыя толькі ў паўночнай частцы Беларусі. За межамі рэспублікі яны найбольш распаўсюджаны ў Латвіі і Літве, ёсць у Пскоўскай вобласці. Як арэал распаўсюджвання, так і падабенства паданняў пра іх дазваляюць гаварыць пра Чортавы Камяні як пра адну з асаблівасцяў тэрыторыі, занятай у жалезным веку і раннім сярзднявеччы балтамі. Прататыпам чорта фольклорных паданняў быў не хрысціянскі чорт, а хтанічнае божышча. Глыбокая старажытнасць гэтага божышча можа быць прычынай тапаграфічнай прывязкі Чортавых Камянёў да глухіх, неабжытых мясцін, размяшчэння іх у нізінах і каля балот.

ЛІТАРАТУРА:
1. Беларускі Архіў , 1930. Т . III. Менскія акты. Дакумент № 20.
2. Васілевіч У. Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994.
3. В -т , Аб камянях -краўцах // Крывіч. 1923. № 6. С . 46 — 47.
4. Зайкоўскі Э .М . Справаздача аб палявых археалагічных даследаваннях у 1987 годзе // Архіў ІГ АНБ, спр . 1 0 1 0 .
5. Крывіч , 1926. N 6. С . 46 — 48.
6. Ляўкоў Э .А . Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992.
7. Мялешка М . Камень у вераваннях і паданнях беларуса //Запіскі аддзелу гуманітарных
навук . Кн . 4. Працы катэдры этнаграфіі. Т . 1. Менск , 1928. С . 155—182.
8. Уртанс Ю .В . Камни — "следовики " на территории Латвии // Известия АН Латвийской
ССР. Рига, 1988. N 7. С. 92 — 106.
9. Halicki В. Ze szlakow wodnych dorzecza Wiiji// Ziemia, 1934. N 4. S. 78 — 80.
10. Matulis R. Istormiai akmenys. Vilnius, 1990.
11. Tarasenka P. Pedas akmenyje. Vilnius, 1958.
12. Urtans J. Pedakmeni, robozakmeni, muldakmeni. Riga, 1990.
13. Velius N. Chtoniskasis lietuvu mitologijos pasaulis Folklorinio vilnio analize. Vilnius, 1987.
Аватар пользователя
Demetr
Мадэратар
 
Сообщений: 79
Изображения: 16
Зарегистрирован: 17 апр 2010, 12:53
Откуда: Барысаў

Re: Чортавы камяні

Сообщение Demetr » 07 авг 2010, 15:48

Чортаў камень ля в. Камень Валожынскага р-на. Фота з сайту: http://globus.tut.by

Изображение
Аватар пользователя
Demetr
Мадэратар
 
Сообщений: 79
Изображения: 16
Зарегистрирован: 17 апр 2010, 12:53
Откуда: Барысаў

Re: Чортавы камяні

Сообщение Demetr » 07 авг 2010, 15:51

Чортаў камень-кравец ля в. Ратынцы Валожынскага р-на. Фота з сайту: http://kryuja.org/dziejnasc/ekspiedycyji/vyprava_valozhynszczyna.html Тамсама можна прачытаць і паданне пра камень.

Изображение
Аватар пользователя
Demetr
Мадэратар
 
Сообщений: 79
Изображения: 16
Зарегистрирован: 17 апр 2010, 12:53
Откуда: Барысаў

Re: Чортавы камяні

Сообщение Demetr » 07 авг 2010, 15:55

Чортаў камень у в. Асташын Карэліцкага р-на. Фота з сайту http://globus.tut.by/

Изображение
Аватар пользователя
Demetr
Мадэратар
 
Сообщений: 79
Изображения: 16
Зарегистрирован: 17 апр 2010, 12:53
Откуда: Барысаў


Вернуться в Беларускія мясціны

Кто сейчас на форуме

Сейчас этот форум просматривают: нет зарегистрированных пользователей и гости: 1


cron